КУМАРО́НА-ІНДЭ́НАВЫЯ СМО́ЛЫ, індэн-кумаронавыя смолы,
сінтэтычныя смолы; тэрмапластычныя сумесі нізкамалекулярных палімераў і супалімераў кумарону, індэну і іх гамолагаў.
К.-і.с. з мал. м. 300—600 — вязкія светла-жоўтыя вадкасці, з мал. м. 1000—3000 — аморфныя цвёрдыя цёмна-рудыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, этаноле, раствараюцца ў араматычных і хларыраваных вуглевадародах, алеях. Устойлівыя ў шчолачах і разбаўленых к-тах; тэрмаўстойлівыя смолы з высокімі дыэл. ўласцівасцямі і малой цеплаправоднасцю. Атрымліваюць полімерызацыяй у прысутнасці каталізатара (серная к-та, хларыд алюмінію і інш.) ненасычаных фракцый прадуктаў каксавання вугалю (сырога бензолу) ці піролізу нафты (сальвент-нафты). Выкарыстоўваюць у вытв-сці плітачных матэрыялаў (напр., для пакрыцця падлог), друкарскіх фарбаў, чарніла, воданепранікальнай паперы, як пластыфікатар у гумавай прам-сці.
т. 9, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)